САВІН ДУБ
Казаў яшчэ мой дзед Ахрэм, што калісьці, у сівыя стагоддзі, тут зусім не было паселішча. Толькі кустоўе густое расло, а між ім сочная трава прабівалася. I што адметна – расла яна заўсёды: і тады, калі дожджык марасіў, і тады, калі ўсё навокал выгарала. Таму вяскоўцы з іншых вёсак сюды накіроўвалі сваіх начлежнікаў. Не глядзелі на тое, што далёка, што натомяцца, галоўнае, каб коней накармілі, бо калі коні галодныя, то ніякай працы ў гаспадарках не будзе.
Між тым кустоўем рос асілакдуб. Не было такіх дрэваў болей у гэтых абшарах, адзін ён. Спакойна стаяў, велічна. Вятры як усходзяцца, дык кустоўе клоніцца да сама'й зямлі, а ён і не пахіснецца. Баяўся аднаго – маланак. I што самае галоўнае, яны яго амаль ніколі не міналі. Як выпаўзе чорная, грувасткая хмара, як пачне паласаваць-віжаваць неба сваімі маланкамі, то асілку нашаму даставалася, нібы хто прыцягваў да яго тыя маланкі. Здаецца, хмара і міне ўжо дрэва, але потым шарахне вогненны пук і прама ў пышную вершаліну ўвап'ецца ці ў таўшчэразны ствол. Калі людзі блізка да дуба падыходзілі, то ажно за галовы хапаліся.
– Гэта ж столькі вогненных стрэлаў ён у сябе атрымаў!
– Але ж, бачыце, жыве... Жывучы, значыцца, хоць казалі, што калі дуб крыху пашкодзіць, то ён болей расці не будзе.
– Няпраўду, выходзіць, гаварылі.
Дык той дуб атрымаў у люДзей назву Савін Дуб. А чаму такую назву, спытаецеся? То паслухайце.
Калі Бог сусвет ствараў, то і сава, як і зязюля, і крумкач, жыла сярод людзей. На зямлі ўсе ладзілі. Разлад пачаўся з тае пары, калі Усявышняму ад людскіх грахоў давялося ўцякаць на неба. Як ён туды збег, то і парадкі адразу ж у многім перайначыліся. Спачатку людзі адасобіліся, потым падзяліліся на багатых і на бедных. I так ужо атрымалася, што птушкам ды звярам усялякім выпала разам з беднымі жыцьгараваць, не жадалі багатыя іх да сябе браць. Як ні прасіліся малодшыя браты і сёстры, як ні маліліся перад багатымі, а тыя толькі ў адно слова гаманілі:
– Не патрэбны вы нам. I сваіх клопатаў хапае, неставала з вамі яшчэ валэндацца. Ідзіце да галадранцаў, там вам і паесці знойдзецца, і адпачыць месца будзе.
3 таго моманту ўсе жывыя істоты былі звязаны толькі з беднымі.
I жыў-гараваў тут недзе ў той далёкі час адзін селянін. Зямлі маленькі кавалачак меў, а дзяцей тых – што гароху ў хату насыпалася, і праз кожную гадзіну:
– Татка, есці хочам... Татка...
Маўчыць, маўчыць гаспадар, а потым і ўзарвецца:
– Елі ж толькі што!..
– Усё роўна хочацца...
Тады за малых уступалася жонка і пачынала ўшчуваць мужа:
– Чаго ты, чалавеча, на дзяцей крычыш?
– Дык галава кругам ідзе ад такога вэрхалу.
– А мне, думаеш, не ідзе? Ці мне лягчэй нешта дастаецца? Няўжо ты не разумееш, што паелі яны той вады з нішчымнай лебядою, дык толькі жывоцікі свае паналівалі...
– Дзе ж ім есці ўзяць? – губляўся гаспадар.
– Гэта ўжо зусім іншая справа, але крычаць на малых не трэба, яны невінаватыя.
– Калі шчыра, то і не хацеў, неяк само вырвалася, – пачынаў ужо апраўдвацца селянін.
Часта такія гаворкі ў іхняй хаціне вяліся. Што зробіш, калі ўсім беднякам-гаротнікам гэтак перабівацца даводзілася.
Жыла з тым селянінам і ягоная старэнькая маці. Нікуды працаваць яна ўжо не хадзіла. Гаспадары на яе так і казалі:
– Пасядзі лепей, старэнькая, дома, паглядзі за дзецьмі, дык і дапаможаш гэтым.
Сын яшчэ стражэй наказваў:
– Маці, толькі глядзі за імі пільна, каб якой бяды не ўчынілі. Малыя, малыя, а ўвішныя, толькі адвярніся – што-небудзь выкінуць, дык потым давядзецца валасы на галаве рваць. Калі такое дапаможа...
– Добра, родненькія, – прамаўляла бабулька, задаволеная тым, што хоць нечым можа быць карыснай.
Так яны і ладзілі, так і дапамагалі адзін аднаму. Усё добра ішло: і дзеці былі дагледжаны, і старая задаволена, а пра гаспадароў дык і згадваць не даводзілася – нарадавацца не маглі на такую няньку. Хвалілі бабульку, а тая ажно цвіла ад радасці. Але і ў іх аднаго разу бяда здарылася. Вялікая бяда.
У той дзень гаспадар з гаспадыняй сабраліся ехаць на далёкае балота сена грэбці. Працы там было зашмат на дваіх, таму вырашылі ўзяць з сабой дваіх старэйшых дзяцей.
Яшчэ толькі світаць пачало, а селянін ужо тупаў па хаце.
– Глядзі, жонка, каб не забыліся дома нічога, бо адтуль вяртацца – час дарма губляць. Я 'праверу ўсё на возе, а ты тут паглядзі. Дзеці яшчэ якіх з паўгадзінкі няхай паспяць, зараз самы сон...
Чалавек выйшаў на падворак і пакіраваў да воза, а па хаце ўжо паціху пасоўвалася і бабулька.
– Паспалі б яшчэ, маці, – звярнулася да яе нявестка.
– Эй, родненькая, які ўжо ў мяне сон... Хіба ён у старых людзей бывае? Толькі вочы заплюшчыш, а яны чагосьці самі адкрываюцца. За ноч не адпачнеш, а толькі намучышся. Можа, і я чым дапамагу...
– Мы з вечара ўсё парабілі. Зараз толькі правяраем, каб не пакінуць чаго, бо потым жа вяртацца давядзецца ці шукаць на месцы якое прычындалле...
– Добра глядзіце, дзеткі, добра, а я дома ўсё давяду да ладу, за гэта не хвалюйцеся.
– Ды мы і не хвалюемся, ведаем, што цябе пакідаем за гаспадыню, – прамовіў гаспадар, заходзячы ў хату. – Ну што, будзі дзяцей, ды паедзем.
Пагаманілі так і паехалі на балота. Пакуль дабраліся, то сонца ўжо высока ўзышло. Узяліся за працу. ІІІчыруюць не разгінаючыся, а за імі сухое сена толькі шапаціць. Радуецца жонка, што многа сена і на надвор'е яго прыбяруць, а гэта значыцца, што ўзімку будзе добры корм жывёле. Гаспадар жа, наадварот: грабе, складвае і ўсё ў бок дома паглядвае. Жонка спачатку не звяртала на гэта ўвагі, а потым заўважыла і запыталася:
– Што гэта ты, чалавеча, адкідваешся? Хвалюе нешта?
– Ды разумееш, мне здаецца, што дома ў нас нешта не так.
– Там жа маці, мы ж і раней на яе гаспадарку і дзяцей пакідалі.
– Раней так, але тут пад сэрца ажно коле...
– Супакойся, гэта ты сам сябе заводзіш. Супакойся.
Цэлы дзень працаваў чалавек, вытрымаў неяк, а як ужо развялі вогнішча і сабраліся начаваць у будане, то. ён звярнуўся да жонкі:
– Ведаеш, вы лягайце і адпачывайце, а я тым часам на коніку дамоў з'езджу. Не магу супакоіцца. Да раніцы вярнуся, і зноў пачнём працаваць.
– Не едзь, адпачні лепей, – пачала ўгаворваць яго жонка.
– Паеду, бо не магу... Вы адпачывайце.
Паджгаў мужык на коніку дамоў. I што ж вы думаеце? Прыехаў сярод ночы, а там плач-стогн стаіць, суседзі ходзяць. Ён давай распытваць, што здарылася, а яму і адказваюць, што ягоныя малодшыя дзеці – хлопчык і дзяўчынка – утапіліся. Упалі ў студню, а старая недаглядзела. Вось толькі зараз і знайшлі.
Усхадзіўся сын, пачаў маці клясці праклёнам: «Каб ты савою стала... Каб табе жыцця спакойнага не было... Каб ты днём спала, а ноччу лётала...»
Так усё на самай справе і здзейснілася. Паляцела тая савамаці і стала жыць на старым таўшчэразным дубе. Адтуль і назва ў яго з'явілася – Савін Дуб, а пазней і вёску так назвалі.

