МАЦЮШЫНА СЦЯНА

Непадалёку ад возера, там, дзе сёння горад Лепель, раскінулася адна невялічкая вёсачка. Месца там непараўнаўча прыгожае, а даўней жа прырода была яшчэ куды прыгажэйшай. Берагі возера пазарасталі ўсялякім лесам: раслі там і магутныя дубы, і светлыя разгалістыя ясені ды клёны, крохкія алешыны і асіны, непаўторныя красуні бярозкі і ліпкі, пахучыя чаромхі і касцястыя брызгліны – словам, усяго хапала.

I вось у тыя старадаўнія часы, калі ўсё навокал гэтак хораша цвіло-распускалася, і правалілася вёска Злыднёўка, а на яе месцы стала возера з востравам пасярэдзіне. Спачатку паселішча на ім было невялікае, як і паўсюдна, але потым пачало разрастацца, пашырацца і так стала горадам. Назвалі яго Лепелем.

Войны ж усялякія часта здараліся, таму калі прыспеў пэўны момант, то вырашылі жыхары горада пабудаваць крапасныя ўмацаванні, а сам Лепель абнесці высокай каменнай сцяною, каб чужынцам няпроста было падступіцца да абаронцаў, каб адпалохвалі гэтыя сцены іх, каб не думалі, што можна Лепелем лёгка авалодаць і пажывіцца тут за кошт мясцовых людзей.

Сабраў князь сваіх дружыннікаў, жыхароў усіх і сказаў:

– Вось што, шаноўныя, будзем умацоўвацца. Той час, калі мы за драўлянымі сценамі адседжваліся, прайшоў. Будзем цяпер на іхняе месца каменныя муры стаўляць. Справу трэба хутка зрабіць і надзейна, трывала, каб у цяжкую хвіліну без страху сядзець за імі ды адбівацца. Зразумелі?

– Зразумелі, княжа, – загарлалі воі. Ды так гэта дружна ў іх атрымалася, што людзі, асабліва гараджане, зарагаталі. Дружыннікі, наадварот, хмурылі бровы і пазіралі на князя, што ён прамовіць. Валадар таксама ўсміхнуўся і адказаў:

– Сапраўды, крычаць моцна і б'юцца самааддана...

– Але ж гэта, княжа, яшчэ не ўсё.

– Хто там такі смелы, пакажыся? – нечакана запытаўся валадар. – Ці палохаешся і толькі з-за спін крычыш-насміхаешся?

– Чаго баяцца? – данёсся голас, і наперад выступіў высокі, моцна складзены чалавек. – Не баюся я, бо не насміхаюся, а хачу параіць, ці, дакладней, параіцца...

Князь уважліва паглядзеў на гараджаніна. На выгляд яму не было і дваццаці пяці сонцаваротаў, але зараз ён не смяяўся, трымаўся сур'ёзна.

– Дык што ты хочаш сказаць, чалавеча?

– Не трэба, княжа, спяшацца закладваць вежы ды сцены.

– Чаму?

– Тут мы можам людзей насмяшыць...

– Што вежы ўзвядзём, дык нехта смяяцца стане?.. – не зразумеў валадар.

– Не з гэтага, канешне, а з таго, што нашы вежы і сцены праз нейкі час абвальвацца пачнуць. Ды яшчэ калі ворагі ў такі момант пад бокам з'явяцца, увогуле безабароннымі акажамся...

– Растлумач, чалавеча, каб усе зразумелі, пра што ты гаворыш.

– Трэба, княжа, спачатку зямлю, на якой мы будаваць збіраемся, праверыць. Каб нідзе нізіна не трапілася, бо там заўсёды вада да паверхні зямлі блізка і сцякаецца з вышэйшых мясцін. Самы моцны камень у мокрай сцяне доўга трываць не будзе, вада што хочаш разбурыць, а сцяна ці вежа для яе не перашкода.

Князь ужо з павагай пазіраў на хлапчыну, падумаўшы: «Бачыш ты, малады, а гэтак хораша разважае...» Але запытаўся валадар зусім пра іншае:

– Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? Малады ж, здаецца.

– Так, княжа, малады, але гэта ведаю.

– А хто навучыў?..

– Дзядуля мой цэрквы ставіў. Хадзіў па гарадах і ставіў, дык і мяне за сабой вадзіў, бо бацькі мае рана загінулі. Ад яго я ўсё і пераймаў паціху.

– Дык чаму ж ты маўчаў, што такі майстар побач з намі знаходзіцца? Дзе твой дзядуля? Давай яго сюды.

– Няма яго, княжа, ужо трэці год як памёр. Таму і шкада, ён зараз вельмі спатрэбіўся б. А так...

– А ты што, без яго нічога не можаш?

– Чаму не, магу, але не гэтак, як ён. Ён зямлю наскрозь бачыў, ведаў, што да чаго. А я зусім мала будаваў. Дакладней, будаваў многа, але сам не кіраваў.

– Зараз давядзецца, чалавеча, кіраваць будоўляй. Усе мы маладымі былі, усе з нечага пачыналі. Пачынаць заўсёды цяжка, ды трэба. Як цябе завуць?

– Мацюша, княжа.

– Значыцца, так, Мацюша. Вазьмі, колькі табе трэба, людзей, якія спадабаюцца, і джгай вакол горада, вызначай, дзе можна ўзводзіць сцены і вежы. Астатніх я тут падзялю і без цябе. Давай, бо часу ў нас малавата, менавіта час нас і прыспешвае. Нешта неспакойна надта на граніцах нашых...

Мацюша ўзяў з сабой пару чалавек і пайшоў. Валадар хуценька размеркаваў людзей – каго камяні ды пясок вазіць, каго якую іншую справу рабіць, – і ўсе разышліся. Сам князь, з ваяводам разам, таксама працаваў.

Ужо справа да полудня набліжалася, калі да яго падбег Мацюша. Было відаць, што хлапчына задаволены.

– Ну, майстар, як справы? Усё зрабіў, што меркаваў?

– Так, княжа. Вызначыў я тыя межы, дзе трэба будаваць, а зараз, з Божай дапамогай, можна і за працу брацца.

– Дык і пачнём, чаго марудзіць. Я ўжо людзей разаслаў. Трэба камяні ў аснову сцен закладаць.

– Так. На ніз – самыя здаравенныя.

– Тут ужо ты кіруй, майстар, а я табе падпарадкоўвацца буду, бо гэтую справу ты лепей за мяне ведаеш.

– Як загадаеш, княжа.


I пачалася напружаная праца па ўзвядзенні гарадскіх умацаванняў. Спачатку на будоўлі працавалі толькі мужчыны, але потым да іх далучыліся і падлеткі, і жанчыны, бо бачылі людзі, якая цяжкая, але разам з тым і неадкладная гэта справа. Высокія сцены і ў саміх жыхароў адразу выклікалі пачуццё заспакоенасці, раўнавагі, гледзячы на іх, можна было адчуваць сябе ў адноснай бяспецы. Вежы вывелі высокія і трывалыя, таўшчыня іхніх сцен была каля двух сажняў, гэткія ж прыкладна былі і крапасныя сцены. Ля брамы, праз якую павінны былі ўязджаць і выязджаць свае і чужыя, паставілі дадатковыя ўмацаванні.

Цэлы год шчыравалі лепельцы, але зрабілі свой горад амаль непрыступным. Ворагі, якія раней тут адчувалі сябе нібы рыба ў вадзе, наскочыўшы нечакана, ажно здзівіліся – за такі кароткі тэрмін і такая надзейная абарона. Але не адступілі, а вырашылі штурмаваць Лепель. Палезлі на сцены адзін раз, другі – атрымалі па зубах. Тады іхні ваявода загадаў абкласці горад і чакаць да таго часу, пакуль жыхары самі ў палон не папросяцца. Ды куды там! Са сцен толькі і неслася:

– Давайце да нас! Давайце сюды, мы вас тут чакаем і пачастуем ужо!

Пастаялі чужынцы ды, панішчыўшы навакольныя вёсачкі, павярнулі назад.

Так паўтаралася неаднойчы, і ўсё дзякуючы надзейным сценам і вежам, якія ўзводзіліся пад кіраўніцтвам Мацюшы.

Калі майстар паміраў, то папрасіў, каб яго пахавалі недалёка ад сцяны – яго першага вялікага збудавання. Людзі выканалі апошнюю волю Мацюшы. 3 цягам часу сцяна разбурылася, сам горад перамясціўся крыху ў іншае месца, але назва засталася. Таму і вёска наша называецца цяпер Мацюшына Сцяна.