На подступах да Лепеля

«Ключом» ад Лепеля былі вёскі Плоткі, Іканкі і Ласосніца. У той час як 306-ая дывізія білася за в. Плоткі, якая прыкрывала дарогу Камень - Лепель, наша 357-ая пад камандаваннем генерал-маёра А.Г.Кудраўцава завязала цяжкі начны бой за Ласосніцу і Іканкі. Узяць у лоб гэтыя дзве вёскі пяхоце не ўдалося, фашысты добра ўмацаваліся ў гэтых апорных пунктах. Іх пазіцыі былі густа насычаны артылерыяй і мінамётамі. Па нас білі іх штурмавыя гарматы. Фашысты пераходзілі ў частыя контратакі. I калі б не нашы палкавыя артылерысты, пяхоце прыйшлося б вельмі туга. Шчога не дала і лабавая танкавая атака, ды і танкаў было мала.

Добра памятаю тую ноч. Ярка палалі вёскі на подступах да Лепеля. Пры святле пажараў было бачна ўсё як на далоні. Наступальны начны бой вельмі цяжкі.

Лягчэй тым, хто абараняецца. У іх усё прыстрэлена. Вядомы арыенціры. Свой пярэдні край яны паспелі абтыкаць мінамі. Кінуцца наперад было немагчыма. Сапёры толькі прыступілі да размініравання. Акапацца хутка таксама не было магчымасці. А праціўнік добра бачыў нашу пяхоту і вёў інтэнсіўны агонь. Затым паступіў загад рухацца ў правы бок. Камандаванне вырашыла наступаць з флангаў.

Адважна змагаліся ў тую памятную ноч многія мае аднапалчане. Хочацца добрым словам памянуць сёння і жывых, і загінуўшых у тым баі. Некалькі разоў хадзілі ў атаку перадавыя батальёны нашых палкоў, гераічна біліся пехацінцы Віктар Ратнікаў, Балат Тангіраў, Мікалай Белазёраў, Леў Кураўскі, Мікалай Свірскі, Мікалай Краспераў, Аляксей Умняшкін, Алег Мухін, разведчыкі Генадзь Андросаў, Пётр Багданаў, Васіль Ціханаў; мінамётчыкі Уладзімір Гомараў і Аляксандр Лапшын і многія іншыя.

Палкавыя 45-мм і 76-мм пушкі камбатаў Антоненкі і Якіменкі знаходзіліся ў баявых парадках пяхоты і падтрымлівалі іх агнём. Выдатна грамілі ворага камандзіры гармат Міхаіл Якаўлеў і Георгій Какарын. Умела кіравалі сваімі батальёнамі камандзіры палкоў дывізіі падпалкоўнікі В'юшкін, Кусяк, Гаршкоў, заўсёды адчуваючы цвёрдасць загадаў камандзіра дывізіі генерала Кудраўцава.

Начны бой працягваўся некалькі гадзін — прамой наводкай білі па фашыстах, засеўшых у вёсцы, не толькі палкавыя гарматы, але і дывізіённая артылерыя.

Я бачыў, як хутка, з ходу разгарнуў сваю 122-мм гаўбіцу з 923-га артпалка дывізіі камандзір разліку Іван Працэнка, наводчык Іван Косціцын, зараджалыпчык Мікалай Паўленка і іншыя. Ды і камандзір другога артылерыйскага дывізіёна маёр Георгій Паздзееў быў побач з камісарамі стралковых батальёнаў.

Адказаўшыся ад лабавой атакі, абыходзячы апорныя пункты з флангаў, выкарыстоўваючы магутны агонь артылерыі, пры падтрымцы танкаў нашай пяхоце удалося выбіць фашыстаў з вёсак Ласосніца і Іканкі. Яны адкаціліся назад, панёсшы значныя страты.

Стралковыя батальёны палкоў першага эталона дывізіі, выкарыстоўваючы ўмовы мясцовасці, у цэнтры паласы наступления быў вялікі прасторны роў, пачалі накоплівацца для апошняга кідка на Лепель.

Якіменка Мікалай Сямёнавіч
старшыня совета ветэранаў 357-ай
ордэна Суворова стралковай дывізіі.

Мухін Алег Андрэевіч
ветэран 357-ай стралковай дывізіі.

(Книга "Памяць. Лепельскі раён")