Вход для пользователей

Система Orphus

Як жылі землякі

Да нашага часу параўнаўча добра захаваліся архіўныя дакументы аб умовах жыцця і працы жыхароў Віцебскай губерні і Лепельскага павета ў сярэдзіне XIX ст.

Ва ўмовах феадальна-прыгонніцкага ладу ў царскай Расіі асабліва складаным было становішча сялян. Нізкія ўраджаі і беднасць вымушалі лепельчан акрамя земляробства шукаць іншыя сродкі, пры дапамозе якіх можна было зарабіць грошы для выплаты павіннасцей і на пражыццё. Зімой, калі занятасць была меншай, многія сяляне займаліся возніцтвам, дастаўляючы тавары купцоў у крамы, нарыхтаваных бярвенняў — да сплаўных рэк, прадуктаў - у Віцебск, Рыгу, Пецярбург.

Адным словам, кемлівы гаспадар, маючы добрага каня і спраўную вупраж, усю зіму праводзіў ў раз'ездах, мог пракарміць сябе і каня і вяртаўся дадому з грашыма, хоць і невялікімі.

Акрамя нарыхтоўкі дроў і лесаматэрыялаў для розных пабудоў некаторыя жыхары атрымлівалі карысць ад нарыхтоўкі дубільнай кары, якая выкарыстоўвалася на гарбарных заводах. Цесляры адпраўляліся на заробкі ў гарады ці да прыстаняў, дзе наймаліся будаваць баркі, стругі, вырабляць шкоты. Пільшчыкі бярвенняў выраблялі дошкі, гонты. Майстравыя займаліся сваім рамяством дома. Адны выраблялі драўляны посуд: міскі, талеркі, лыжкі, вёдры, кадушкі, іншыя — колы, сані, брычкі.

Рыбакі зімой наймаліся да купцоў, якія арандавалі азёры, лавіць рыбу. Тыя, якія не валодалі ніякім майстэрствам, секлі ў лесе дровы, везлі іх у гандлёвыя дні для продажу ў бліжэйшы горад ці мястэчка.

Калі на Заходняй Дзвіне пачынаўся крыгалом, рабочы люд з усіх бакоў гуртам імкнуўся да яе прыстаняў наймацца ў лоцманы, у рабочыя на судны або нагружаць тавар на баркі. У гэты час збор рабочых на прыстанях бываў асабліва вялікім.

Іншыя сяляне, якія жылі ў аддаленых ад сплаўных рэк мясцінах, атрымаўшы дазвол ад сельскага кіраўніцтва або памешчыка, зімой або ў самым пачатку вясны адпраўляліся ў тыя губерні, дзе будаваліся шасейныя дарогі ці каналы. Там, у падрадчыкаў, на пэўны тэрмін наймаліся на работу. На месцы працы спехам будавалі буданы з сучча або зямлянкі. Па дамоўленасці з гаспадаром утрымліваліся на яго харчах або на сваіх.

У шлях адпраўляліся сяляне арцелямі чалавек па 20 і больш. Звычайна адзенне іх складалася з невялікай валенай з белай воўны шапкі (накшталт усечанага конуса), паўкажушка, сялянскай з белага сукна світкі, падвязанай поясам. Нашы землякі насілі, як правіла, лапці.

Заторкнуўшы сякеру за пояс, з рыдлёўкай на плячах і з вялікай торбай, у якой кашуля і хлеб, тутэйшы селянін пакідаў сваю сям'ю і адпраўляўся ў дарогу часам верст за 500 і больш. Будучы непераборлівым і асабліва непатрабавальным да ежы, ён часта задавальняўся хлебам з вадой, затое не ўпускаў выпадку выпіць гарэлкі, калі меў у кішэні чым за яе заплаціць.

Захаваліся звесткі і аб вырабе гэтага прадукту ў той час. З пераведзеных на брагу 25 пудоў выганялі 18 вядзёр гарэлкі моцнасцю 24 градусы. Прасцей кажучы, з кожнага пуда жыта атрымлівалі тры гарцы гарэлкі (8,4 л). У корчмах павета, у памешчыцкіх і казённых вёсках вядро гарэлкі (11,3 л) прадавалі за два рублі серабром, а ў горадзе – за 3 рублі 50 капеек серабром. 3 507 заводаў, якія дзейнічалі ў 1848 г. у Віцебскай губерні, 403 былі вінаробчыя. Тады было выгнана 436772 вядры гарэлкі, а сярэдняя цана на яе складала 1 рубель 25 капеек серабром за вядро.

3 горада Лепеля, мястэчак Чашнікі, Бачэйкава, Бешанковічы, якія ўваходзілі ў павет, многія жыхары вясной адпраўляліся ў Смаленскую губерню, у гарады Белы і Парэчча, дзе наймаліся ў лоцманы для праводкі барак з грузам па Дзвіне праз парогі, якія размяшчаліся за мястэчкам Краслаўка ў горадзе Якабштат. Звычайна лоцманаў і рабочых збіралася да 400 чалавек. Некаторыя пачыналі працаваць на барках з 14-15 гадоў. Спачатку былі яны рознарабочымі, потым памочнікамі лоцманаў, нарэшце, самі станавіліся лоцманамі.

Калі здаралася, што баркі садзіліся на пясчаную касу, тавар перагружалі на латышскія лодкі, якія называліся лайбамі. За праводку баркі з карысным таварам з горада Белага ў Рыгу старанны і вопытны лоцман браў ад 40 да 50 рублёў серабром, а з мястэчка Бешанковічы да Рыгі лоцману плацілі ад 25 да 30 рублёў серабром. Рабочыя ж, у залежнасці ад сілы і ўкладзенай працы, атрымлівалі ад 10 да 15 рублёў серабром.

Даставіўшы ў Рыгу тавар, лоцман з рабочымі, назапасіўшыся дарожным харчам, адпраўляліся ў зваротны шлях вялікімі арцелямі, праходзячы пешшу верст па 30-35 і больш у дзень, у залежнасці ад пары года і стану дарог. У шляху варылі сабе ежу, якая ў арцелі ім абыходзілася даволі танна.

Увішныя сяляне ў веснавое суднаходства паспявалі два разы з'ездзіць на суднах у Рыгу і звычайна вярталіся ў сваю вёску не пазней чэрвеня. Ад гэтых заробкаў беражлівы і цвярозы селянін заўсёды зарабляў столькі грошай, колькі яму патрэбна было, каб заплаціць розныя падаткі і павіннасці, заставалася яшчэ і на свае жыццёвыя патрэбы.

Вось у такіх умовах жылі і працавалі нашы продкі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. (І. Ю. Януш)

Артыкул з газеты «Наша ніва», №13


20 чэрвеня 1908 года

Лепэльскі павет ляжыць у палудзенна-заходняй часці Вітэбскай губ. Горад Лепэль ляжыць на Лепэльскім возеры, праз каторае праходзіць Лепэльскі канал, што злучае рэку 3.Дзьвіну з Берэзінай. У нашым вуезьдзе шмат возераў — каля 900 штук, так што яго можна назваць «возерны» вуезд. Каб была добрая рыбная гаспадарка, то возеры давалі бы вялікіе грошы, але кожнае возеро мае неколькі гаспадароў, каторые маюць «вступ», і кожны хапае з возера рыбу, ня гледзячы ні на пару, ні на тое, што рыба ешчэ малая. Наш кут заўсягды быў неяк з боку, глаўны гандэль ішоў на г. Полацк; цяпер толькі праз край павету прайшла Бологое —Седлецкая ж.д. і ст. Загатье ўжо ў Лепэльскім павеце. Водная дарога — Берэзінскі і Лепэльскі каналы ня маюць вялікай вартасці, бо па іх гоняць толькі плыты, а параходы і лайбы ня ходзяць, бо мала вады. Земля ў нас нічога сабе, добрая. Але гаспадарка вядзецца ў паноў і мужыкоў па-старасвецку; па весках вясной хоць зубы на паліцу кладзі. Паны пачалі палепшаць трохі гаспадарку на новы лад, але мужыкі-беларусы ані з мейсца! Напрыклад, у Віленскай губ. мужыкі куды лепш гаспадараць, як лепельскіе. У нас папар саўсім нічым не засеваюць, трэцця часць зямлі марнуецца, а падаткі плаці. У Віленскай губ. гаспадары ўжо сеюць на папары зялёны корм. Шмат у нас торфу, але з яго саўсім не карыстаюць, а дровы купляюць. Нашы мужыкі ідуць на заработкі ў Мітаву, Маскву, Пецербург, так што і парабкоў цяпер цяжэй дастаць. У год парабак бярэ 40-50 руб. Глаўные мястэчкі ў нас: Бешэнковічы на Заходняй Дзьвіне з 4 1/2 тысячамі душ народу; Чашнікі на р.Улле, гдзе 5 тысяч народу жыве; Кублічы, Ушачы. Другіе мястэчкі саўсім малые. У м.Чашніках ёсць вялікая паперня, ёсць і ешчэ 2 паперні; у папернях працуе каля тысячы людзей. Бравароў – 12, што вырабляюць атруту на людзей. Колькі паравых млыноў мелюць толькі на тутэйшые патрэбы. Трохі гоняць смалу. Як прайшла Бологое – Седлецкая ж.д., пачалі скупаць розныя тавары і пасылаць іх у Мінск, Вільню.

П'юць тут беларусы ня горш, як па другіх мясцох, умеюць навэт добра гнаць гарэлку с палітуры, каб каштавала танней. Манаполькі ў Кублічах, Селішчу, Бабынічах прадаюць у год на 80 тыс. руб. гарэлкі!Каб палепшыць жыццё мужыкоў і краю, аб тым, бадай, нікому не баліць галава. Можэ, як увядуць калі земскае самаўпраўленне, людзі заварушацца і прабудзяцца. (Падарожны. Запісаў К.А. Кожан)