КРЫЎКІ
Мая маці казала, што назва нашай вёскі пайшла ад таго, што даўней у нас людзі надзвычай шкодныя жылі, так і глядзелі, каб каму дурное ўчыніць. Можа, яны і не жадалі балюча зрабіць, але і стрымацца не маглі.
А тады ж, вы ведаеце, Бог хадзіў сярод людзей па зямлі. Нездарма яшчэ і сёння дзе-нідзе гамоняць:
– Не вельмі выхваляйся, бо Усявышні з-за горкі выглядае...
Так атрымалася, што ішоў Бог аднаго разу якраз па нашых мясцінах. Здарожыўся, відаць, моцна і вырашыў адпачыць. Паглядзеў навокал і заўважыў, што непадалёку ад яго нейкі селянін поле скародзіць. Пасунуўся паціху прама на вяскоўца. Там, падумаў, і весялей сядзець будзе, і можа, кавалкам хлеба пачастуе чалавек. Яно даўней так часта здаралася: то Усявышні скарынкай з кім дзяліўся, то яму прапаноўвалі апошняе людзі. Так разважаючы, Бог і падышоў да працуючага ўшчыльную, павітаўся і пытаецца:
– Як справы, гаспадар?
Селянін скасавурыўся на Бога і буркнуў: , – Табе да гэтага якая справа?
– Ды проста пытаюся. Неяк жа няёмка падысці да чалавека і не загаварыць.
– Калі ёсць пра што, то можна і пагаманіць, а калі проста так языком мянташыць, дык прастуй адсюль. Няма ў мяне для цябе нічога – ні хлеба, ні солі.
– Я ж, здаецца, нічога яшчэ і не прасіў...
– А бачна па тваім твары, вунь як слязліва на мяне пазіраеш.
– Слязліва, бо вочы старыя і слязьмі залівае.
– Не толькі таму.
– А чаму яшчэ?
– Дармавога хлеба захацелася.
– Каб пачаставаў, дык і не адмовіўся б, – шчыра прызнаўся Бог.
– Вось бачыш, падышоў павітацца, а ўжо і есці просіш.
Усявышні раззлаваўся, не стаў болей гаманіць і пакрочыў далей, толькі бурчэў сярдзіта: «Што гэта тут за крыўлякі-крыўкі такія? Я яму слова, а ён, перакрыўляючы мяне, – дзесяць, ды яшчэ і абражае па-ўсялякаму. Крыўкі няшчасныя...»
Так і назва ў паселішча з'явілася – Крыўкі. I хоць людзі ў нас зараз працавітыя ды сумленныя жывуць і нікога не дражняць, усё роўна нехта дый нагадае: «Эх, Крыўкі гэтыя!..»

